ПАРТЫЗА́НСКІ АТРА́Д у Вялікую Айчынную вайну,

асноўная арганізацыйная і баявая адзінка партызан, добраахвотна аб’яднаных для барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. На Беларусі за ўвесь перыяд акупацыі дзейнічала 1255 П.а. Узначальвалі атрад камандзір і камісар. У падпарадкаванні камандзіра быў нач. штаба і яго апарат, нам. па разведцы, дыверсіях, пам. па забеспячэнні з адпаведнымі падраздзяленнямі. У П.а. былі пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі. Тыповая структура атрада: штаб, 3—4 роты, па 3 узводы ў кожнай, з 3 аддзяленнямі ва ўзводзе. Колькасны і баявы склад атрада непастаянны. БШПР адрозніваў атрады па 100—150, 151—350, 351 і больш партызан з адпаведнай колькасцю асн. стралк. і цяжкай зброі. Буйны П.а. пры адпаведных умовах разгортваўся ў партызанскую брыгаду, са жн. 1943 асобныя атрады Магілёўскай вобл. (800 і больш партызан) — у партызанскія палкі. Паводле прызначэння П.а. падзяляліся на звычайныя (унітарныя), дыверсійна-разведвальныя. кавалерыйскія, артылерыйскія, штабныя, рэзервовыя, мясц. самаабароны, маршавыя. Большасць іх уваходзіла ў склад брыгад, 203 дзейнічалі самастойна. Пра асобнадзейныя П.а. гл. табліцу.

Літ.:

Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1983;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 456—474.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)